Лекцыя: «17 сентября День народного единства»

“Памятны верасень”

17 верасня назаўсёды застанецца светлым днём вызвалення ад нацыянальнага прыгнёту, радасным днём далучэння заходніх беларусаў да ўсходніх. Сваімі ўспамінамі пра перажытае дзеліцца ўраджэнец Лахвы, цяпер грамадзянін Ізраіля Ісак Давыдавіч Слуцкі, які нядаўна наведваў Лунінеччыну ў складзе дэлігацыі нашых землякоў.

Хацелася б пачаць з расказу пра майго брата. Яшчэ ў 18-м годзе ён вырашыў пайсці з Чырвонай Арміяй. Непаўналетні (нарадзіўся ў 1901 г.), невялікага росту і слабы, не зрабіў ураджання на камандаванне, яго не хацелі браць. Але ўсім было вядома імя чырвонага генерала з Лахвы – Трусевіча. Брат дайшоў да таго і папрасіў пахадайнічаць. Так і стаў чырвонаармейцам. Удзельнічаючы ў паходзе на Варшаву, які бясслаўна закончыўся, праходзіў праз Лахву. Пасля гэтага сям`я не бачыла яго больш чым 20 гадоў. Толькі потым даведаліся, што пасля грамадзянскай вайны біўся з басмачамі ў Сярэдняй Азіі. Там яго аднойчы выратаваў ад смерці аднапалчанін – параненага брата занясло пяском у пустыні, так бы і загінуў, калі б капыты будзёнаўскага каня не наступілі на незвычайную горку, якую раскапалі. Страхуючыся ад небяспекі, ён змяніў імя і імя па бацьку – ва ўсе ж часы першымі знішчалі камуністаў і яўрэяў. Лёс быў літасцівым да брата і потым: Іосіф Яфімавіч Слуцкі доўгі час узначальваў органы НКУС у Днепрапятроўску, а пасля “чысткі” працаваў у Дзяржкантролі.

Ад рэпрэсій выратавала толькі тое, што ён ні дня не знаходзіўся на польскай тэрыторыі і не падтрымліваў сувязі са сваякамі з-за мяжы.

Так, у той час мы не ведалі, што з братам. Але гэтаму не жадалі верыць адпаведныя ўстановы Польшчы. Яны сачылі за кожным членам нашай сям`і. Я быў звязаны з падполлем КСМЗБ, прывозіў з Пінска і распаўсюджваў рэвалюцыйную літаратуру на рускай мове і іўрыце. А ў 1937 годзе напісаў у іспанскае пасольства ў Варшаву, каб накіравалі на грамадзянскую вайну. Неўзабаве пасля гэтага мяне арыштавалі. Я меркаваў, што ліст трапіў у дэфензіву, але мяне пыталі толькі пра брата. І я не ілгаў – сапраўды нічога пра яго не ведаў. Але катаванняў пазбегнуть не ўдалося. Асабліва пакутаваў пасля аднаго са здзекаў: тры дні трымалі пад сталом, а як толькі хацеў крыху распраміцца, паліцэйскі тут жа біў гумай па выцягнутых нагах.

Зразумеўшы, што з мяне ніякага сэнсу, выпусцілі на волю. Там працягваў падпольную работу з таварышамі – Васілём Максімовічам з Лахаўкі і Якавам Сергіевічам з Любані.

Назаўсёды запомніў 17 верасня 1939 года. У гэты дзень быў з бацькам у сінагозе. Шануючы нашы рэлігійныя звычаі, мае сябры не ўвайшлі ў храм, каб паклікаць мяне, а папрасілі зрабіць гэта аднаго з яўрэяў. Потым мы разам пайшлі сустракаць Чырвоную Армію. Па праўзнятасці настрою, па агульнай радасці такое свята душы я перажыў яшчэ двойчы – у Дзень Перамогі.

Але пасля ўрачыстых шэсцяў і мітынгаў наступілі будні. Першы тыдзень вызначаўся хваляваннем, выкліканым безуладдзем. Пакінутыя для ўстанаўлення Савецкай улады палітрук Галдоўскі і сакратар партыі Латышкін не ведалі людзей, таму паўнамоцтвы іншы раз атрымлівалі несумленныя асобы. Асабліва гэта стала небяспечна, калі яны пачапілі на рукавы чырвоныя павязкі, узялі зброю і спрабавалі наводзіць парадак. Да мяне звярнуліся местачкоўцы: ты ж набліжаў гэтыя падзеі, бяры на сябе і адказаць.

Мы растлумачылі прадстаўнікам новай улады, хто мы такія з чым мы не згодны. Мяркуючы па іх аператыўных дзеяннях, нас ужо чакалі. Максімовіч быў назначаны начальнікам рабочай гвардыі, я – намеснікам. Нашы дружыннікі ахоўвалі мястэчка па начах. Жыхары больш не трывожыліся. Жыццё паступова наладжвалася.

Праз год старшыня сельсавета Яраховіч паведаміў пра ліст з Масквы, дзе прасілі ахарактарызаваць брата. Я адмовіўся на яго адказваць: калі хочаш. Пішы сам.

Неўзабаве прыехаў брат, дзякаваў за добры водгук, які пайшоў на карысць яго службе, прасіў прабачэння ў бацькі за тое, што цяпер носіць іншае імя.

…Мне пашанцавала эвакуіравацца ў пачатку ліпеня 1941 года. Усю вайну праслужыў на флоце. Пасля вызваленны некаторы час працаваў у Віцебску. Ведаў ужо, што ўся сям`я загінула ў Лахве. Заставалася з родных толькі сястра, якая ў 1935 годзе выехала з мужам у Палесціну. Каб мне дазволілі ездзіць туды як турысту, не думаў бы пра ад`езд з Расіі. А так у мяне не было выбару. У 1946 годзе назаўсёды пакіуў Савецкій Саюз.

Сёлета наведваў сваю малую радзіму – Лахву – упершыню за 52 гады.

Ісак Слуцкі.

Крыніца: Лунінецкія навіны. 16.09.1993.

57