Музейна-педагагічны занятак: «Абрады і звычаі, звязаныя з жыллём»

З будаўніцтвам жылля былі звязаны пэўныя звычаі, абрады, засцярогі, якія адзначалі яго важнейшыя этапы (выбар месца, нарыхтоўку і першасную апрацоўку драўніны, закладку фундамента, узвядзенне страхі, улазіны) або былі звязаны з выбарам будаўнічых матэрыялаў, рэгламентацыяй колькасці вокнаў, іх арыентацыяй, размяшчэннем печы, покуці і інш.

Асаблівая ўвага надавалася выбару месца для жылля. Пры гэтым гаспадар кіраваўся як чыста практычнымі меркаваннямі (суседства, формы ўласнасці, характар грунту), так і старажытнымі ўяўленнямі, асвечанымі шматвяковай фальклорнай традыцыяй. Не дазвалялася будаваць хаты на скрыжаванні дарог і на закінутых шляхах, там, дзе раней стаяла лазня, і на тым месцы, дзе былі знойдзены чалавечыя косці. Перавага аддавалася абжытым, выпрабаваным мясцінам, дзе ўжо калісці стаяла хата і там, дзе падабалася адпачываць буйноой рагатай жывёле.

Даволі істотным у народным дойлідстве былі выбар і нарыхтоўка будаўнічага матэрыялу.

Пачатак будаўніцтва прымяркоўвалі да пэўнай каляндарнай даты, што мела сімвалічнае значэнне – канец Вялікага посту, маладзіковая фаза месяца, бабіна лета і інш. Найбольш спрыяльнымі днямі для гэтай справы лічыліся аўторак і чацверг, да “цяжкіх дзён” адносілі панядзелак, у некаторых раёнах і сераду.

Асаблівы сэнс надаваўся закладцы першага вянца (закладзіны).

Узвядзенне страхі ў народнай традыцыі расцэньвалася як асобны этап з уласцівымі яму рытуальнымі нормамі. Хата лічылася закончанай, калі ў ёй была зроблена печ.

Наваселле (уладзіны, уваходзіны) у народнай традыцыі расцэньвалася як вялікае сямейнае свята, што па сваім значэнні набліжалася да вяселля. Цырымонія пераходу ў новую хату са старой завяршала сабой складаны цыкл будаўнічых абрадаў.

Усяго разгалінаванная сістэма звычаяў і павер`яў сваімі каранямі сягала ў глыбокую старажытнасць, адлюстроўваючы ўстойлівасць славянскіх язычніцкіх культаў.

Крыніца: Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. / Т.А. Навагародскі. – Мінск : БДУ, 2009. – 335.

409