Лекцыя: «Інтэр`ер і планіроўка жылля»

Беларусь на працягу многіх вякоў была краем драўлянага дойлідства. Дрэва з`яўлялася адзіным будаўнічым матэрыялам у вёсцы і амаль адіным у горадзе. У беларусаў будаўніцтва хаты пачыналася з выбару пляцоўкі і дастаўкі на месца будаўнічых матэрыялаў, у якасці якіх выкарыстоўвалі сасну, радзей – яліны і толькі на поўдні ў некаторых раёнах Брэстчыны – алешыну і асіну.

Традыцыйнай і адзінай тэхнікай драўлянага будаўніцтва на Беларусі быў зрубны спосаб, калі бырвенні злучалі ў вянках пры дапамозе ўрубкі аднаго бервяна ў другое па вуглах зруба. Сярод спосабаў замацавання вянкоў хаты было злучэнне бярвенняў “у чашку”, “у просты замок”, “у каню”, “чысты вугал”.

У сістэме дваровых пабудоў разнастайныя прадметы штодзённага ўжытку, падручныя сродкі, прылады працы, падсобны інвентар і мэбля размяшчаліся ў пэўным парадку і паслядоўнасці, утвараючы паміж сабой функцыянальную і кампазіцыйую сувязь.

Да 60-70-х гг. ХІХ ст. шырока бытавала курная хата. Яна мела высокі парог і нізкія дзверы. Справа, радзей злева ад уваходу размяшчалася глінабітная печ без коміна, звернутая вусцем да падоўжанай (светлай) сцяны. У куце каля печы знаходзіўся качарэжнік – месца, дзе стаялі вілкі (ухват, рагач), драўляная качарга, лапата, памяло і інш.

Насупраць печы каля ўваходу размяшчаўся гаспадарчы вугал (бабін кут), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, сальніцы і інш. Над лавай на сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач – лыжачнік.

Каля пячнога кута знаходзіўся канёвы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памосту. Частку памяшкання ад тарцовай (кутняй) сцяны займаў спальны памост – пол, палок.

Ніжэй вокнаў уздоўж сцен ставілі лавы, якія сходзіліся на покуці, дзе ставілі хлебную дзяжу.

Покуць (чырвоны кут) – найбольш ганаровае месца ў хаце, асвечанае традыцыямі духоўнага жыцця. Найбольш устойлівая сувязь у структуры інт`ера – размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Покуць сімвалічна атаясамлівалася з усходам і поўднем, у той час як процілеглы кут (дзе стаяла печ) – з захадам і поўначчу. На покуці стаяў засланы стол, дзе звычайна ляжаў хлеб, прыкрыты ручніком ці абрусам.

У доўгія зімовыя вечары сялянскія хаты асвятляліся лучынай, якую замацоўвалі ў спецыяльным прыстасаванні – лучніку.

Мэбліроўка і размяшчэнне разнастайных прадметаў ужытку ў хаце ў многім залежалі ад памераў і структурны жылля, а таксама яго суадносін з падсобнымі памяшканнямі – сенцамі, каморай, клеццю, стопкай.

Аднакамернае жыллё – гэта зрубная пабудова без сенцаў. Уваход у хату быў адразу з двара. Рабіўся ён заўсёды ў вузкай сцяне, процілеглай франтоннай. Яшчэ ў ХVІІІ ст. яно сустракалася рэдка, і часцей за ўсё як часовае памяшканне.

Двухкамернае жыллё ўтваралася далучэннем да хаты сенцаў. У Беларусі на працягу многіх стагоддзяў двухкамернае жыллё (хата-сенцы) было самым распаўсюджаным.

Трохкамернае жыллё складалася з хаты, сенцаў і трэцяга памяшкання, жылога або гаспадарчага. Такое жыллё характэрна для ўсходнеславянскага тыпу планіроўкі (хата – сені –клець).

Далейшае развіццё трохкамернага памяшкання ішло шляхам сегментацыі наяўнай плошчы.

Крыніца: Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. / Т.А. Навагародскі. – Мінск : БДУ, 2009. – 335.

519