Лекцыя: «Пажарнікі» (2 частка)

Лекцыя: «Пажарнікі» (2 частка).

Верхні рад – адзінаццаць пажарнікаў. Перша злева – Якаў Кацуба з Царкоўнай (цяпер Гагарына) вуліцы з барансбойдам у руках. У пажарніках ён з сярэдзіны 20-ых гадоў. У касцюме, пры гальштуку, у фуражцы з якойсьці какардай (магчыма, перакрыжаваныя сякеркі) – камандзір звяна, інструктар. Першы справа – Долмат, ён жыў з бацькамі на вуліцы Завальная (цяпер Якуба Коласа). Вельмі любіў пажарнае дэпо, без яго прысутнасці не праходзілі ні адзін занятак, ні адна трэніроўка. Як казаў мой бацька, “адважны пажарнік, пажарнік-зух”. Трэці справа, высокі, – Пётр Касцючэнка.

Другі рад – шэсць пажарнікаў. Прозвішчы не ўдалося ўстанавіць.

Рад людзей, якія сядзяць. Другі з лева – Іван Кіпцэвіч, хлопец з вёскі, хваравіты, але жаданне мець работу, быць пажарнікам, дапамагала перамагчы нездароўе. Чацвёрты – Апанас (дарэчы, яго менавіта так і звалі – на беларускі манер) Застанкевіч, брат Івана. Побач з вусатым Казачуком – начальнік пажарнай каманды Аляшкевіч. Ён вельмі любіў форму (усялякія мундзіры), любіў яе ўпрыгожваць. Вось і свой пажарны мундзір аздобіў аксельбантам, хаця такі від адзнакі не прадугледжваўся статутам. За такія звычкі сябры далі яму мянушку “Ад`ютант”. Ён быў вясёлым чалавекам – цяпер бы сказалі хахмач. За ім у цывільным касцюме з хусцінкай у кішэні – таксама лунінчанін Марэйка, з вядома у горадзе сям`і, дом якой і цяпер стаіць на былой Старасельскай вуліцы (частка Чырвонай ад Прыпяцкай да 17 Верасня). Трэці справа, побач з пажарнікам, які, як аўтамат, трымае брансбойд, лунінчанін Драніч, другі хахмач у пажарнай камандзе, аматар розыгрышаў і куплетаў (частушак) пра сваіх сяброў. За помпу трымаецца пажарнік з Дзятлавіч.

Дарэчы, пра помпу. Гэта ручная помпа-качалка. На фота бачны адзін цыліндр-поршань (іх 2), побач – ручка-палка (іх таксама 2) для пераноскі помпы. За поршнем бачны конусападобнысасуд-ёмістасць для вады. Выраблены з ліставой медзі (алюміні тады не было), каб помпа не ржавела. Усе медныя часткі павінны былі блішчаць, іх па чарзе чысцілі дзяжурныя пажарнікі. Ад помпы ідзе рукаў для вады.
Злева на фотаздымку ля музычнага барабана – пераносная вярчальная бабіна-барабан з пажарнымі рукавамі на драўлянай падстаўцы з дружкамі для пераноскі. Яна пагнута, што сведчыць пра старасць пажарнага абсталявання лунінецкіх пажарнікаў.
Звяртаюць на сябе ўвагу дэталі. У некаторых пажарнікаў з-пад мундзіраў бачны белыя шэйныя шарфікі, у іншых – белых хусцінкі ў кішэнях мундзіраў, у аднаго нават кветка. У тыя часы быць у пажарнай камандзе лічылася, як цяпер кажуць, крута. Іншы раз мундзір насілі і не ў рабочы час, каб пакрасавацца і ўразіць акружаючых.

Што да аркестра, то ён, як і ўся пажарная дружына, не ў поўным складзе. Ёсць падстаўныя асобы. Відавочна, сабраліся “ў пажарным парадку” да прыезду інспектара. Побач з барабанам, з прычоскай “матылёк”, – Геня Касцючэнка, уладальнік кіёска на вуліцы Непадлегласці, каля аптэкі, прадавец газет і часопісаў. Выдатны музыкант, віртуёзна валодаў барабаннымі палачкамі і іграў на барабанах. Чацвёрты ў гэтым радзе – Мярзлікін, пасля вайны выехаў у Польшчу. Восьмы, з трубой у руках, – Сталярчук, да вайны і пасля яе быў прадаўцом у чыгуначных магазінах. За ім з вусікамі – Саковіч. Другі і трэці – не музыканты, а вучні аркестра з Залесся.

14 лістапада 2000 г. ІП. Л. Коласаў.

548