Лекцыя: «Пажарнікі» (1 частка)

Лекцыя: «Пажарнікі» (1 частка).

Гэты фотаздымак, які цяпер захоўваецца ў краязнаўчым музеі, я неаднаразова бачыў у сямейным альбоме нашага далёкага сваяка. Ён таксама на ім адлюстраваны: вусаты мужчына ў  капялюшы, які рукамі абапіраецца на палку.

Гэта Сямён Казачук, да 1939 года – сакратар-касір Лунінецкага магістрата. Жыў на Залессі – дом стаіць і цяпер. Ён выплочваў зарплату астатнім работнікам, прымаў падаткі, у тым ліку і абавязковы – на падтрымку “Стражы пажарнай”, усякія штрафы і г.д. Быў прыкметнай фігурай у мастацкім і грамадскім жыцці горада: добра іграў на мандаліне, у 20-ых гадах удзельнічаў у мясцовым тэатры, быў членам рускага дабрачыннага таварыства. Эрудыраваны, начытанны чалавек, быў свайго роду невялікім мецэнатам, цікавым расказчыкам рускіх былін і эпізодаў першай сусветнай вайны. Гасцінны гаспадар, заўсёды частаваў мяне, тады маленькага хлопчыка, чаем з абаранкамі, якія сам вельмі любіў, казаў, што не ўяўляе без іх рускага чалавека. Лёс яго трагічны: быў арыштаваны органамі НКУС у 1940 годзе (казалі, што яму прыгадалі “збор штрафаў з насельніцтва”), высвыслалі недзе ў Сібір і там прапаў. Жонка памерла ў гады акупацыі. Сын Павел у 1939-1941 гг. Быў прадаўцом у чыгуначным магазіне, пасля першай страшэннай бамбардзіроўкі горада доўгі час хварэў на нервовай глебе – яму ж давялося дапамагаць пераносіць забітых, збіраць часткі цел, а сярод ахвяр было столькі яго знаёмых…Пасля вайны, калі зноў пачаліся арэшты “ворагаў народа” і ўсіх іх сваякоў, выехаў  у Якуцію, працаваў бухгалтарам у пасёлку Эльдзікан, час ад часу наведваў Лунінец. Дачка Ніна пасля вайны жыла ў Вялікіх Чучавічах.

У цэнтры фотаздымка – у белым капялюшы – інспектар пажарнай службы магістрата, старшыня добраахвотнага пажарнага таварыства Вяжбіцкі. Тое, што ён стаіць разам з Казачуком, тлумачыцца проста: яны сябравалі, разам працавалі, апошні дапамагаў арганізоўваць таварыства, некаторы час вёў яго справы.

Фотаздымак адносіцца да перыяду 1932-1934 гадоў. Ён зроблена ў час прыезду, згодна з пастановай Палескага ваяводства, інспектара пажарнай службы з Пінска, які правяраў становішча спраў і стан інвентару ў Лунінецкай пажарнай камандзе. Ён сядзіць злева ад Вяжбіцкага – у мундзіры з партупеяй, аксельбантам, у канфедэрацтцы (фуражка з квадратным верхам) з якойсьці какардай. Фота зроблена на памяць, на фоне двух дзвярэй пажарнага дэпо – дыхтоўных, эстэтычна аформленых дрэвам. У той час пырэдняя сценка і дзверы дэпо былі пафарбаваны ў зялёны колер. Знаходзілася яно там, дзе цяпер каля царквы скверык. Уверсе шыльдачка: “Добраахвотная пажарная дружына ў Лунінцы”, як звычайна ў Польшчы, бела рычвоная – пад колер дзяржаўнага флага і герба.

 Крыніца: 14 лістапада 2000 г. ІП. Л. Коласаў

520