Музейна-педагагічны занятак: «З крыніц народных» (2 частка)

Музейна-педагагічны занятак: “З крыніц народных» (2 частка).

Купалле. Моладзь Лунінеччыны любіла святкаваць Купалле, абрады якога таксама былі звязаны з аграрнымі клопатамі сялян. У хлявах затыкалі зяленыя галінкі, завешвалі вянкі з кветак; святочныя зёлкі прывязвалі каровам да рагоў, каб абараніць іх ад шкоднікоў. Дзяўчаты і хлопцы ўвечары напярэдадні свята Купалы збіраліся за вёскай, звычайна каля вады, зносілі ў кучу ўсякі хлам, дровы, падпальвалі вогнішча, вадзілі вакол яго карагод, скакалі праз агонь, жартавалі і спявалі песні, у якіх адлюстроўваліся некаторыя асаблівасці абраду, узаемныя жартоўныя кпіны хлопцаў і дзяўчат і інш.

Адметнае месца ў беларускім летнім календары займалі жніўныя абрады і звязаныя з імі песні, што абумоўліваецца важнасцю гэтага этапа ў земляробчым цыкле сельскіх працаўнікоў, калі фактычна падводзіліся вынікі працы за год.
У час жніва распаўсюджванай была талака – форма калектыўнай узамемадапамогі, калі суседзі, сваякі і сябры працавалі ў гаспадара дарам, толькі за пачастунак.

Талака існуе ў многіх вёсках і ў цяперашні час, але не ў жніво, а часцей за ўсе пры будаўніцтве.

Разнастайнымі абрадамі суправаджаліся дажынкі. Калі дажыналі жыта, пакідалі нязжатымі некалькі прыгаршняў лепшых каласоў, выбіралі жнейку, якая абвівала іх чырвоным поясам і сярпом наўкос зжынала. Зжынала і пакінутую ад іх салому, падзяліўшы яе на дзве часткі; на ржышчы ўкладвала крыжам і пакідала на гэтым крыжа акрайчык хлеба і соль.

Не ўсе песні земляробчага календара арганічна ўваходзілі ў абрады ў розны час іх бытавання. Многія абрады выконваліся толькі па традыцыі і паступова знікалі, але песні заставаліся, толькі спяваліся яны ў іншых абставінах. У тых жа звычаях, якія працягвалі выконвацца, спяваліся таксама песні, прымеркаваныя да іх або зусім не звязаныя з імі.  

603