Я помню ўсё...

Я помню ўсё...
Я стаў дарослым рана —
У дваццаць год на скронях сівізна.
Зноў у грудзях занылі моцна раны,
I праклінаю я цябе, вайна!
Я помню ўсё...
Магілы на узгорку,
Дзе плача вечна ссохлая сасна
I лезе ў вочы дым пажараў горкі:
Праклён табе, пачварная вайна!
Я помню ўсё...
Стаяў я побач з тымі,
Хто на змаганне родны край узняў.
Гудзе няўмольна перазвон Хатыні:
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё…
Я чую голас маці,
Якую перад смерцю не абняў.
Ты нас навек прымусіла расстацца —
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё...
Як вывадак звярыны
Жывых дзяцей у яму заганяў,
Я помню крыж фашысцкі на машыне...
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё...
I як гарэлі людзі...
Ліпучы снег, што кроўю набрыняў.
Мне крык памершых раздзірае грудзі:
Праклён, фашызм! Праклён табе, вайна!

Уладзіслаў Нядзведскі

616