Музейно-педагогическое занятие: «Радзівілы ў Лахве» (3 частка)

Музейно-педагогическое занятие: «Радзівілы ў Лахве» (3 частка). Урыўкі з дзённікавых запісаў:

14 лютага 1737 г. Да абеду госці адпачынак мелі. Па абедзе, запрогшы коней у сані, дружна паехалі да двору п. Ежы Яблоньскага (пазней Яблонавы пляц, а ў ХІХ ст. – ХХ ст. – урочышча Ябланёвы лясок – С.Н.), каторы знарадзіў усю капманію крынджоламі (санямі, збітымі з дошчачак – С.Н.) і санкамі. З Каралёвай гары (у ранейшыя часы – высокая, прыгожая гара па-над Смердзю між Любанню і Лахаўкай; у ХІХ ст. – Кролева. 15 гадоў назад зямлю вывезлі на польдэр для дамбаў; зараз на руінах гары – магілкі сельгастэхнікі СПК “Новае Палессе” – С.Н.). спускаліся, забавы шмат было. А самая кратафія (пацеха), хто на Вір (у даўнія часы – на крутым павароце ракі Смердзь пад Каралёвай гарой – глыбоківір – С.Н.), спускаўся, кувырком ляцелі.

16 лютага 1737 г. Крэпіць моцны мароз. Прыпяць змацавана тоўстым лёдам. Арганізавалі прывоз дубоў з-за Бакова (урочышча за Прыпяццю каля Давыд-Гарадоцкага лесу – С.Н.). Пан дужа дзіваваўся іх тоўшчы і ўхваляў іх.

18 лютага 1737 г. Прывезлі хвоі з-за Малой Марочні (відаць, Марочна, старое рэчышча якой размешачна цяпер між вёсак Обруб і Перунова – С.Н.). Зноў дзіваваўся князь з іх Ясны (яснавяльможны) распарадзіўся лес не чапаць, пакуль не прыедуць радцы па будове (кансультанты па будаўніцтву – С.Н.).

24 лютага 1773 г. Да ўпаду стомлены; ловы чынілі, мужыклў за сотню па загону пусцілі. Паўгарадавога лесу ахапілі, а дзічы ўсяго 9 падвод.

21 ліпеня 1752 г. Загадалі кусташу памагчы. Мяшчаны адправілі 6 фурманак. За віно і мёд не хвалююся, а рыба ці зберажэцца?

Радзівілы ў Лахве (ІІ палова ХVI ст. – І палова ХІХ ст.)

Значна змяніліся абставіны з прыходам да ўлады сына Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі Караля Станіслава, па мянушцы Пане Каханку. Уся ўвага была сканцэнтравана на Нясвіжы і блізляжачых землях. Тут, у Лахве, яго мала цікавіў стан нейкіх там збудаванняў ці дарог. Маёнтак стаў месцам нажывы багацця. Для сялян усіх сёл і вёсак была ўведзена паншчына, уціск адчулі нават местачкоўцы і яўрэі.

У запісах піўнічага (дварнін, адказны за вінныя прыпасы, а ў данным выпадку, можа, загадчык склада – С.Н.). Вацлава Шпігановіча маецца: “Пажадана яго мосцю, каб усе борці паставілі ліпец (ліпавы мёд – С.Н.) у тэрмін двух дзён, а ардынатару Полюсю Бяльскаму арганізаваць люд з мясцечка і чэлядзь лёзную са снасцямі на лоў рыбы. 2 дня серпня 1782”.

“Праца лахвенскіх падданых ператваралася ў мёд і збожжа, а ў канчатковым выніку – у золата і мастацкія вырабы, што ўпрыгожвалі на ўсю Еўропу Нясвіжскі палац, коштам гэтай працы набываліся рэдкія кнігі для бібліятэк і тая соль, якой пане Каханку пасыпаў дарогу, каб улетку ездіць на санях”. (В. Насевіч, у кнізе “Памяць. Лунінецкі раён”, с.41).

На мяжы ХVIІІ-ХІХ стагоддзяў у Лахве зноў запульсавала жыццё. Дамінік Геранім Радзівіл, які на той час правіў маёнткам, зноў узнавіў запушчаную гаспадарку, акрамя таго, аднавіў палац і нават дабудаваў другі паверх, надаўшы палацу форму замка. Быў закладзены сад, загароджаны іпадром, нават існавала спартыўная школа, бо, як сведчаць факты, і сам Дамінік Геранім быў аматарам коннай язды.

З пісьма сяброу Баляславу Беластоцкаму ў Давыд-Гарадок: “Дзень добры, шаноўны Болесь! На кані, што ты мне падарыў восенню, я гарцаваў вельмі ўдала. Ладны конь. Дужа дзякую. А на свята Маці Боскай Будслаўскай балю ладзілі ў Палецці (урочышча Палетак, на ўсход ад Лахвы – С.Н.). Гонкі чынілі на 3 мілі да засценку Пшылесіцкага (відаць, цяпер урочышча Прылессе, Трылесіца – за 2 км ад в. Любань; месца, дзе жыла любанская шляхта. Апошнія шляхцічы выехалі з гэтых месц у канцы 1950-х гадоў – С.Н.). Мой Вронэк, што табой быў ухвалены тады, тут быў першы…”.

Са смерцю Д.Г. Радзівіла згасла і лінія нясвіжскіх Радзівілаў у Лахве. Яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам, а Лахва – дачцэ Стэфаніі (1809-1832), якую расійскі імператар выдаў замуж за сына вядомага генерал-фельдмаршала П.Х. Вітгенштэйна – Льва.

Крыніца: ІП 17/2004. Сцяпан Нефідовіч, в. Любань.

617