Лекцыя: «Міжнародны дзень музеяў»

Лекцыя: «Міжнародны дзень музеяў».

Доўгі час на Лунінеччыне існавалі грамадскія музеі пры школах. У кастрычніку 1959 г. на базе краязнаўчых гурткоў, якімі кіравалі настаўнікі Г.А. Вайндрах і З.С. Разанава, у раённым Доме культуры была адкрыта часовая экспазіцыя раённага музея.

У 1978 г. была прынята пастанова ЦК КПБ і СМ БССР аб адкрыцці ў Лунінцы краязнаўчага музея. Яму перадалі 2-павярховы асабняк у цэнтры горада. У 1978-1985 гг. супрацоўнікі музея займалісь зборам экспанатаў, правадзілі выставы і лекцыі, наладжвалі супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і гаспадаркамі. У школах праводзілася аперацыя па збору экспанатаў “Мастацтва належыць народу”. Значную дапамогу ў гэтай спрааве аказваў пісьменнік, гісторык і краязнаўца М. Калінковіч. Адначасова вялося афармленне экспазіцыі мастакамі Мінскага мастацкага камбіната на чале з А.Л. Чысцяковым. Вельмі вялікі ўклад у стварэнне музея ўнесла яго тагачасны дырэктар Н.І. Казанкова.

17 лютага 1986 г. адбылося адкрыццё экспазіцыі, якая размясцілася ў пяці залах агульнай плошчай 170 кв. метраў і ахоплівае гісторыю края ад старажытнасці да нашых часоў. У 1993 г. фонды музея налічвалі каля 5 тысяч экспанатаў. За гэты час музей наведалі тысячы людзей – ад школьнікаў да ветэранаў, неаднойчы завітвалі замежныя дэлігацыі. На будынку музея ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі аб знаходжанні ў горадзе А. Блока і Я. Колас. Сярод форм музейнай працы – сустрэчы з народнымі майстрамі, калектывамі, экскурсіі “Расказ вядзе ветэран”, “Ажыўшыя экспанаты”( з удзелам мастацкай самадзейнасці) і інш.

У раёне існуюць некалькі музеяў, створаных на грамадскіх пачатках. Так з 1979 г. у Доме дзіцяча-юнацкай творчасці быў адкрыты музей баявой славы (каля 150 экспанатаў, прысвечаны вызваленню горада ў 1944 г.), у Дварэцкай СШ у 1982 г. – этнаграфічны музей (каля 100 экспанатаў). У 1984 г. з`явіліся музей партызанскай славы ў СШ № 2 г. Лунінца, музей імя Гастэлы ў гарадской СШ № 3 (адпаведна каля 100 і 250 экспанатаў). У 1988 г. у сярэдняй школе пры актыўнай дапамозе культработнікаў в. Любань быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей плошчай звыш 300 кв. метраў (каля 350 экспанатаў, якім кіруюць В. Янцэвіч і І. Шэўчык). Музей гэты стаў значным культурным цэнтрам вёскі. З 1990 г. у Міжлескай СШ існуе музей народнай творчасці (каля 200 экспанатаў). У тым жа годзе ў школе в. Бастынь пачаў дзейнічаць музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. Настаўніца Н.С. Мацкевіч сабрала разам з вучнямі каля 350 экспанатаў, звязаных з воінамі – “афганцамі” – ураджэнцамі раёна. 2 лістапада 1992 г., у час другіх лунінецкіх “Каласавін”, быў адкрыты музей Якуба Коласа ў сярэдняй школе в. Сінкевічы (кіруе ім С.Урублеўская). Ганаровым госцем на адкрыцці быў сваяк народнага песняра Г.М. Міцкевіч. Праводзіцца работа па стварэнню музеяў у школах р.п. Мікашэвічы і в. Любачын. У Бастынскай бібліятэцы створаны музей побыту і культуры, якім на грамадскіх пачатках загадваюць бібліятэкары Н.В. Зылевіч і Н.Д. Рашэцкая.

Список использованных источников:

Памяць: Гіст.-дакум. Хроніка Лунінец. р-на / Укл. Т.В. Канапацка. Мн.: Беларус, 1995. – 716 с.: іл.

565