Музейна-педагагічны занятак: «Радзівілы ў Лахве» (1 частка)

Музейна-педагагічны занятак:«Радзівілы ў Лахве» (1 частка).

Радзівілы – найбуйнейшы магнацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім, прадстаўнікі якога ў ХV-XVIII ст. займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады; буйныя землеўладальнікі. Паходзілі з літоўскага баярства. Ужо ў другой палове XVI ст. яны валодалі на Беларусі многімі гарадамі (Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Мір, Нясвіж, Шчучые і інш.), мноствам мястэчак і вёсак на Украіне, у Літве, у Польшчы і Беларусі, пазней завалодалі Слуцкам і Капылём.
У ХV-XVIII ст. Радзівілы мелі сваё войска са шляхты і ваенна-служылых людзей, зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю “навечна”.

Радзівілы мелі свае крэпасці – Нясвіж, Біржы, Мір, Любчу – з гарнізонамі.

Радзівілы адыгрывалі значную ролю ў культурным і рэлігійным жыцці. У сваіх гарадах і маёнтках адкрывалі друкарні і школы, бібліятэкі, збіралі архівы. Сярод іх былі пісьменнікі і кампазітары.

Большасць Радзівілаў была католікамі.

Радзівілы ў Лахве (ХV ст. - другая палова XVIII ст.)

Упершыню ў пісьмовых гістарычных крыніцах Лахва ўпамінаецца ў 1493 годзе. Маёнтак – уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча – троцкага ваяводы, падараны вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Пётр Мантыгірдавіч падарыў гэты надзел саёй дачцэ Зафіі, якая выйшла замуж за гродзенскага старасту, троцкага ваяводу Станіслава Пятровіча Кішку. Калі Зафіі Пятроўна аўдавела, па завяшчанні ў складзе трэцяй часткі ўсіх сваіх маёнткаў перадала Лахву з навакольнымі сёламі сыну Пятру, полацкаму ваяводзе. Тут жа, у Лахве, жыла і дачка Зафіі Пятроўны Ганна, якая выйшла замуж за троцкага кашталяна і слонімскага дзяржаўцу Яна Мікалаевіча Радзівіла. У 1523 г. Ян Радзівіл патрэбаваў ад швагера Пятра Станіслававіча Кішкі выдзелу яго сястры адпаведнай часткі “атчызных і мацярызных, купленых і выслужаных маёнткаў” яе бацькоў. Пагаджэнне было заключана, і Ян Радзівіл атрымаў палавіну маёнтка, куды ўвайшлі двор і сяло Лахва, а таксама сёлы Лахаўка, Сінкевічы, Вельча,

Засучча і частка Сітніцы.

З таго часу Лахва на працягу амаль 200 гадоў належала Радзівілам. Спадчынымі землямі тут валодалі: Ганна Янаўна, Мікалай Крыштоф, Мікалай Мікалаевіч, Альбрахт Уладзіслаў, Зыгмунд Кароль, Аляксандр Людвіг, Міхаіл Казаімір і нарэшце – Дамінік.

І хаця па тым часе Лахва, што згубілася сярод лясоў і балот, у глухамані, з беднымі, неўрадлівымі землямі, з бездарожжам, знаходзілася за сотні вёрст ад Нясвіжа, але Радзівілы не забывалі пра яе. Адны, праўда, былі тут вельмі рэдкімі гасцямі, другія ж наведвалі часцей, іх вабілі разлівы Прыпяці, палеская роўнядзь. Але, больш верагодна, прыцягвала багацце гэтага краю.

Які след аставіў кожны з Радзівілаў, цяжка сказаць бо факты, якія дайшлі да нас праз напластаванні гадоў, вельмі скупыя.

Няма звестак пра тое, якую ролю у развіцці Лахвы адыгралі Ян Мікалаевіч Радзівіл і яго сын Мікалай Янавіч па мянушцы Чорны (Мянушкі ў Радзівілаў даваліся па прычыне таго, што праз пэўны прамежак часу ў родзе даваліся аднолькавыя імёны.

Напрыклад: Чорны, Сірота, Рыбанька і інш. – С.Н.), што валодалі тут у XVI ст. Затое час праўлення Сіротак (першая палова XVIІ ст.) прадстаўлены ў больш поўнай меры.

Дом Радзівілаў Знаходзіўся за вярсту на поўдзень ад сяла Лахвы. Побач сялілася шляхта, дзе ўтварылася пасяленне, празванае ў народзе і да нашага часу захаваўшае назву Шляхта. Сяло, потым мястэчка, у якім пражывалі сяляне і яўрэі, было размешчана на месцы цэнтрасучаснай Лахвы. Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) з`яўляўся не толькі вядомым дзяржаўным дзеячам, але і талантлівым гаспадарнікам. Былі праяўлены клопаты нават пра аддаленыя маёнткі. Не аставіў па-за ўвагай і іменне Лахва: замест старога панскага дома быў пабудаваны касцёл: за сядзібай размяшчаліся аборы: склады, канюшні, сеннікі. А ў другім канцы Лахвы, па-за Смердзю, за Паповымі гарамі пабудаваны кароўнікі.

Мікалай Крыштоф, а потым і яго сыны дбалі і аб духоўным стане народа. У XVIІ ст. уся шляхта была пераведзена ў католікі. Але Сіроткі не ўшчымлялі правоў і людзей праваслаўнай веры. Наадварот, вялікая ўвага надавалася ўмацаваннню гэтай рэлігіі.

Так, Альбрэхт Уладзіслаў у 1623 г. падараваў Прачысценскай царкве 2 валокі зямлі, а ў 1643 г. яго брат Аляксандр Людвіг зрабіў наданне другой Лахвенскай царкве – Ражаства Багародзіцы.

Спрыяльныя ўмовы жыцця далі магчымасць значнага павелічыння насельніцтва Лахвы. Мяшчынам было дадзена права карыстацца не ворыўнымі валокамі, а пляцамі з павялічанымі агародамі, плюс па жаданню і валокамі.

У вайне, што ўспыхнула ў 1654 г. між Рэччу Паспалітай і ўкраінскімі казакамі, якім аказвала дапамогу Расія, на баку шляхты актыўна ўдзельнічалі Радзівілы. Менавіта таму царскі ваявода князь Валонскі ў 1655 г. зруйнаваў Лахву, радзівілаўскае іменне ператварылася ў попел.

Нягледзячы на пасляваенную разруху, унук Аляксандра Людвіга Радзівіла канцлер ВКЛ Караль Станіслаў (1669-1719) змог аднавіць Прачысценскую царкву і пачаў будаваць новы драўляны палац; сын жа Караля Станіслава – Міхаіл Казімір дабудаваў той палац, стварыўшы ладны сядзібны комплекс, а ў 1742 г. увёў у дзеянне невялікі мураваны Троіцкі касцёл.

Крыніца: ІП 14/2004. Сцяпан Нефідовіч, в. Любань.

631