Музейна-педагагічны занятак: «Радзівілы ў Лахве» (2 частка)

Музейно-педагогическое занятие: «Радзівілы ў Лахве» (2 частка).

Міхаіл Казімір Радзівіл (Рыбанька) і яго “Дыярыюш”.

Калі ва ўсіх радзівілаўскіх летапісах пра Лахву маюцца надта скупыя звесткі, то першая палова 1700-х гадоў (час праўлення М.К. Радзівіла) асветлена ў значнай меры: М.К. Радзівіл вёў дзённікавыя запісы, так званы “Дыярыюш”, на працягу ўсяго свядомага жыцця.

Дзеннік Міхаіла Казіміра Радзівіла ў арыгінале налічвае некалькі тысяч старонак, што распавядаюць пра сямейныя радасці і няшчасці, соймавыя паседжанні і палітычныя справы, пра падарожжы па Еўропе, пра захапленне тэатрам, паляваннем, папойкамі і інш.

У вялікім шэрагу падзей гісторыі, у шматлікіх рэаліях побыту і штодзённага жыцця, асветленых Міхаілам Казімірам у яго “Дыярыюшы”, Лахва займае зусім нязначнае месца. Запісы сведчаць, што ўсяго-наўсяго Рыбанька быў тут разоў пятнаццаць: то праездам у Давыд-Гарадок ці ў Алыку (вялікае родавае іменне ў Валынскім ваяводстве на Украіне), то прыязжаў на ловы (паляванне) ў Надпрыпяцце ці ў Гарадавы лес (так раней называлі лес каля Давыд-Гарадка), на манеўры, што праводзіліся ў мясцовым гарнізоне; а то і проста адпачыць, як ён казаў, “у зацішку, адрынуўшы ўсе свае мантрэгі (клопаты і праблемы)”.

Але гістарычныя факты сведчаць, што Лахва значна развілася іменна ў перыяд праўлення Міхаіла Казіміра Радзівіла. Міхаіл Казімір Радзівіл  па мянушцы Рыбанька (13.06.1702, г. Алыка Валынскага в-ва – 22.05.1762). У 17 гадоў стаў ардынатарам нясвіжскім і алыцкім; быў нясвіжскім князем; пазней у спадчыну атрымаў Слуцкае і Капыльскае княствы. Дзяржаўны і ваенны дзеяч, меў вялікае войска і мільёны чырвоных злотых. У шлюбе з Францішкай Уршуляй Вішнявецкай меў чатырох дачок і трох сыноў; у шлюбе з Ганнай Мыцельскай – трох дачок і сына).

597