Аб Лунінецкім раённым краязнаўчым музеі

Лунінецкі раённы краязнаўчы музей размешчаны ў двухпавярховым будынку, пабудаваным ў 1929 годзе, які знаходзіцца ў цэнтры горада па вул. Савецкай.

Заснаваны музей у 1978 годзе. Пастаянная экспазіцыя адкрылася 17 лютага 1986 года. У 1997 годзе музей зачыніўся на рамонт, пасля якога на першым паверсе дзейнічала выставачная зала.

18 мая 2007 года ў Міжнародны дзень музеяў ўрачыста адкрылася новая экспазіцыя, якая размешчана ў пяці залах, дзе можна пазнаёміцца з першым пісьмовым згадваннем, а таксама з легендамі, якія распавядаюць аб паходжанні самой назвы «Лунінец». Другая экспазіцыйная зала прысвечана гісторыі Лунінеччыны з часу з'яўлення тут першых пасяленцаў, якія пакінулі пасля сябе археалагічныя помнікі да пачатку ХХ стагоддзя. Таксама ў музеі размешчана карта з месцазнаходжаннем усіх праваслаўных храмаў раёна.

«Сялянская хата» пазнаёміць наведвальнікаў з бытам людзей ХIХ стагоддзя.

Частка экспазіцыі прысвечана будаўніцтву чыгункі, што стала важнай падзеяй у станаўленні і развіцці Лунінца, тут ў 1884 годзе праляглі першыя чыгуначныя шляхі, а ўжо ў 1886 Лунінец стаў буйным чыгуначным вузлом.

Не абмінулі горад і рэвалюцыйныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя рэвалюцыям 1905-1907 і 1917 гадоў.

Сабраны і прадстаўлены матэрыял аб меліярацыі на Палессі, адукацыі XVIII стагоддзя на тэрыторыі сучаснага Лунінецкага раёна.

У 1911-1912 гадах у Лунінцы жыў і працаваў пісьменнік, у наступным Народны паэт Беларусі - Якуб Колас. Пра гэта нам нагадвае шэраг прадметаў, размешчаных у асобнай вітрыне, а таксама мемарыяльная дошка, устаноўленая на будынку музея.

Зала, прысвечаная польскаму перыяду, раскажа пра падзеі і жыццё людзей, якія ў складзе Заходняй Беларусі згодна з Рыжскай мірнай дамове ад 18 сакавіка 1921 патрапілі пад польскае панаванне.

Значная частка экспазіцыі знаёміць з перыядам Вялікай Айчыннай вайны. На працягу трох гадоў - з 10 ліпеня 1941 па 10 ліпеня 1944 г. - Лунінецкі раён знаходзіўся ў зоне акупацыі нямецкіх войскаў. Трагедыя Лунінецкай зямлі і подзвіг народа раскрываецца з дапамогай фотаздымкаў у экспазіцыі. Прадстаўлены шэраг фотаздымкаў партызан і падпольшчыкаў, удзельнікаў вызвалення горада і раёна, а таксама прадметы, якія належалі вызваліцелям.

На другім паверсе размешчана экспазіцыя, якая адлюстроўвае пасляваенны перыяд у гісторыі горада і раёна. Тут прадстаўлены віды горада 1950-70-х гадоў. Асобныя стэнды прысвечаны культуры, адукацыі, спорту. На фотаздымках зафіксавана развіццё сельскай гаспадаркі Лунінецкага раёна. Тут жа можна пазнаёміцца з работай такіх буйных прадпрыемстваў, як "Граніт", "Спецжалезабетон», «Палессеэлектрамаш».

Сярод ураджэнцаў горада і раёна - навукоўцы, ваенныя, пісьменнікі і іншыя выбітныя людзі. Пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю вядомых выхадцаў Лунінеччына таксама можна ў чацвёртым зале музея. Апошнія стэнды «Нашы будні» апавядаюць пра жыццё горада і раёна ў нашы дні.

Асноўнымі задачамі дзейнасці музея з'яўляюцца фарміраванне агульнакультурнага асяроддзя, садзейнічанне найбольш поўнаму засваенню і асэнсаванню жыхарамі раёна і гасцямі гісторыі і этнаграфічных асаблівасцяў краю, папулярызацыі музейнымі сродкамі народнай творчасці, удасканаленне сістэмы патрыятычнага выхавання навучэнцаў і жыхароў горада і раёна, фарміраванне высокай патрыятычнай свядомасці.

На 01.01.2015 года асноўны фонд музея налічвае 10754 экспанаты.