Белое озеро

 

Біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння „Лунінскі”.

Гэта таксама адзін са старэйшых заказнікаў нашага раёна. Быў утвораны ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР у 1976 годзе. Насіў афіцыйную назву: Дзяржаўны  ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння „Возера Белае“, меў тэрыторыю агульнай плошчай усяго 115 га, знаходзіўся на тэрыторыі Лунінецкага лясніцтва. Галоўнай мэтай яго ўтварэння было забеспячэнне аптымальных умоў для росту і захавання рэліктавай расліны Лабеліі Дортмана, якая знаходзілася пад пагрозай знікнення. Таму на тэрыторыі заказніка былі ўведзены забароны на збор гэтай расліны, выпас жывёлы, выкарыстанне навясных лодачных матораў, забруджанне вод возера Белага. Аднак праверкі рэжыму ўтрымання заказніка паказалі, што тут дапускаліся шматлікія парушэнні. Акрамя таго, праводзіўся выпас жывёл, не былі вызначаны месцы адпачынку, дапускалася вырубка лесу, рыбная лоўля, засмечванне берага возера. Таму ў 1994 годзе было вырашана пашырыць межы заказніка да 9 400 га. А з 1997 года заказнік набыў статус Дзяржаўнага біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння і атрымаў назву „Лунінскі“. Размяшчаецца ён на тэрыторыі Лунінецкага лясгаса (Бастынскае, Лобчанскае, Лунінскае і Лунінецкае лясніцтвы).

Падставай для гэтага рашэння сталі вынікі навуковага даследавання прылягаючай да заказніка тэрыторыі спецыялістамі інстытута „Палессегідраводгас“. Вынікі паказалі, што тэрыторыя ўяўляе цікавасць як эталонавая для палескага рэгіёну. Тут знаходзяцца найбольш тыповыя палескія біяцэнозы з практычна непарушанай гідралогіяй, дубова-грабавымі лясамі, рэдкімі і каштоўнымі відамі раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. А самае галоўнае, што будзе захавана адна з „жамчужын“ беларускага Палесся — возера Белае.

У геабатанічных адносінах тэрыторыя аб’екта ўваходзіць у Пінска-Прыпяцкі раён падзоны шыракалісцевахваёвых лясоў. Асаблівую каштоўнасць тут уяўляюць дубровы ва ўзросце 90-140 гадоў, якія з’яўляюцца рэшткамі некалі вялікіх шыракалісцевых лясоў Палесся, і сёння маюць практычнае і навуковае значэнне ў маніторынгу прыроднага асяроддзя і захавання рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фаўны. Дубровы чыстыя і змешаныя з грабовымі лясамі займаюць тэрыторыю 286 га. Менавіта ў іх захаваўся найбольш рэдкі склад травяністых раслін.

Стараўзроставыя дубровы знаходзяцца на багатых супясчаных глебах дзярновага тыпу з характэрным травяным покрывам, з папараці арляку, купены лекавай, сныці звычайнай, кураслепа дубраўнага, майніку двухлістнага, маліны і шэрагу іншых дрэў, хмызнякоў.

         Акрамя дуброў, растуць тут чыстыя саснякі, падчас з прымессю бярозы, елкі, алешыны чорнай. Яны з’яўляюц-ца абавязковай умовай далейшага захавання цецеруковых такавішчаў, балот-журавіннікаў, месцаў, дзе расце купальнік горны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і распаўсюджаны менавіта ў гэтай частцы заказніка, а таксама садзейнічаюць стабілізацыі натуральнага прыроднага стану возера Белае. Чыстых балот у заказніку ўсяго 106 га.

Фаўна заказніка мае вялікую відавую разнастайнасць. На тэрыторыі выяўлена 7 відаў земнаводных, 5 відаў паўзуноў (з 7, якія ёсць у Беларусі), 140 відаў птушак (74 з якіх занесены ў спіс, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення ў Еўропе), 13 відаў млекакормячых, 40 відаў флоры і фаўны, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. З раслін палушнік азёрны, лабелія Дортмана. Акрамя гэтага, на тэрыторыі заказніка расце каля 200 відаў лекавых раслін. Сярод птушак найбольшую цікавасць уяўляюць: скапа, змеяед, філін, барадатая неясыць; прадстаўнік млекакормячых — арэшнікавая соня; знойдзены закінутыя норы барсукоў.

Дзяржаўны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння „Лунінскі“ знаходзіца ў распараджэнні Лунінецкага райвыканкама, які сумесна з прыродаахоўнымі органамі забяспечвае яго ахову. Лічу, што кожны з нас павінен берагчы ўсё, што знаходзіцца на тэрыторыі заказніка, не парушаць раўнавагу ў гэтым куточку першароднай прыроды, які яшчэ застаўся для нас і нашых дзяцей. Зберажом жа яго і нашчадкам нашым!

Источник: Панасюкі І.А. і Л.К. Заказнікі і помнікі прыроды Луніннеччыны / складальнікі І.А. і Л.К. Панасюкі. – Брэст: ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2020. – 175 с., фота.