Лекцыя «Хата ў жыцці беларуса»

Галоўным момантам у жыцці кожнага селяніна была пабудова хаты. Пабудова пачыналася з выбару месца і будаўнічых матэрыялаў. Вельмі адказным момантам лічылася закладка хаты. Існавала павер’е, па якім майстры не маглі адыходзіць ад месца працы да таго часу, пакуль не будзе закладзены першы вянец. І вось наступаў самы адказны і хвалюючы момант – перасяленне сям’і ў новы пабудаваны дом (улазіны). У першую чаргу гаспадары пераносілі з сабой самыя каштоўныя рэчы: дзяжу, агонь (вугалі), ручнікі, абразы. Справа ў тым, што ў новую хату навасёлы не заходзілі праз дзверы, а залазілі праз вакно, адсюль і “улазіны”. Каб жыццё ў новай хаце было салодкім, трэба было ўсе чатыры вуглы памазаць мёдам. Перасяленне прымяркоўвалася да поўні, каб усяго было поўна.

Выхаванне дзяцей і падлеткаў

Бацькам вельмі хацелася, каб іх дзеці былі працавітымі, сумленнымі, добрымі, гасціннымі. І ўсяму гэтаму трэба было навучаць. Трэба адзначыць, што ў мінулым дзеці добра ведалі азбуку жыцця. На іх долю выпадала шмат недзіцячай працы, а нярэдка - і гора. Рана набывалі дзеці пачуццё адказнасці за свае ўчынкі, павагі да бацькоў, старэйшых і клопаты аб малодшых. Гэта значыць, дзеці пачыналі сталець раней.
Бацькі павінны былі быць добрым прыкладам для сваіх дзяцей. У добрай сям’і, дзе быў мір, спакой і згода паміж бацькамі, панавалі такія ж адносіны і паміж дзецьмі. “Якая дошка, такая і стружка, якая маці, такая і дачушка” – казалі нашы продкі.

Лічылася, што дзеці ва ўсім павінны падпарадкоўвацца бацькам, іначай – “Дасі дзецям волю, адбярэш долю”.

У выхаванні дзяцей вялікую ролю адыгрывалі гульні і забавы. Набор цацак у сялянскіх дзяцей быў вельмі сціплы. Любімай цацкай дзяўчынак была лялька з дрэва ці гліны. Лялек таксама рабілі з анучаў.

Абавязковым прадметам дзіцячых гульняў быў мячык. Яго валялі з воўны і прапітвалі дзёгцем.

Радзіны

Нараджэнне дзіцяці – гэта адзін з дзіўных цудаў прыроды. Людзям ва ўсе часы хацелася, каб будучы чалавек нарадзіўся здаровым, прыгожым, сумленным. Будучая маці, чакаючы дзіця, абавязкова рыхтавала ручнік са своеасаблівым арнаментам у выглядзе зорачак, якія сімвалізавалі чалавека. Лічылася, што такі

ручнік прынясе дзіця шчасце, здароўе, дабрабыт.

Самым важным момантам радзіннай абраднасці былі хрэсьбіны. Пад час хрэсьбін быў звычай варыць “бабіну” кашу. Яе варылі з ячных ці грэчневых круп, запраўлялі маслам або салам. Кашу выносілі ў чыгунку, накрытым талеркай. У гэтую талерку ўсе прысутныя павінны былі складваць грошы або іншыя падарункі. Усё сабранае аддавалі бабцы–павітусе, але, нярэдка, яна аддавала частку малому “на мыла”. Потым кум павінен быў адным ударам разбіць чыгунок аб стол і з чарапка накарміць усіх прысутных.

Галоўную ролю ў выхаванні дзяцей адыгрывала праца.

Дзеці пасвілі птушак, цялят, свіней.

“Пастухоўскі век” пачынаўся з 7 гадоў і працягваўся да 12 . Пастушкі збіралі лекавыя расліны, грыбы, ягады.

У вольны час яны рабілі цацкі, дудкі з дрэва ці чароту. Плялі кошыкі, капелюшы, лапці.
З 12-13 гадоў хлопчыкі пачыналі выконваць больш складаныя работы: аралі, баранавалі, пачыналі касіць.
З 12 гадоў дзяўчат прывучалі прасці. Спачатку самы горшы лён. Кужаль пралі з 16-17гадоў. У гэтым узросце дзяўчатам трэба было наткаць палатна, навязаць карункаў для пасагу.

Да 18 гадоў амаль кожны юнак і дзяўчына ўмелі выконваць усе работы. І, калі трэба, маглі поўнасцю замяніць бацькоў, дарослых.

Вяселле

Важнейшай падзеяй у жыцці чалавека было вяселле. Адным з асноўных момантаў вясельнай абраднасці было сватанне. Сваты заходзілі ў хату дзяўчыны і выдавалі сябе за купцоў ці падарожных. Калі дзяўчына была згодна выйсці замуж за гэтага хлопца, то яна прымала ад сватоў хлеб, калі не, то сваты ехалі пакрыўджаныя дамоў.

Пасля ўдалага сватання ўсе пачыналі рыхтавацца да вяселля. У “зборную суботу” сяброўкі звівалі маладой вянок. А жанчыны – каравайніцы пяклі каравай. Ён павінен быць вялікі, прыгожы, смачны, бо каравай – гэта сімвал багацця, шчасця маладой сям’і.

На вяселлі павінна быць весела, таму там абавязкова гучаў гармонік, спявалі песні. А яшчэ на вяселле абавязкова ўпрыгожвалі конскую вупраж шумёламі, якія прыгожа і звонка звінелі.

Пасля вянчання маладыя павінны былі зайсці ў хату па вывернутым кажусе, каб быць багатымі, шчаслівымі.

Маладым пад час вяселля дарылі вось такую ляльку: “Жаніх і нявеста”. Яна – сімвал аб’яднання маладых у адзінае цэлае, у адну сям’ю. Ляльку падносілі маладым з пажаданнямі быць разам у радасці і ў бядзе, ісці праз жыццё “рука аб руку”, нарадзіць шмат дзяцей. Пасля нараджэння кожнага дзіцяці лялькі крыху рассоўвалі ў бакі , а на руку падвешваліся маленькія лялечкі. Усё жыццё такая лялечная сям’я вісела ў самым пачэсным месцы хаты – на покуці.

Абавязкова на вяселлі былі ручнікі. Ручніком з сімвалам моцнай сям’і бацька звязваў маладым рукі, каб жылі, як звязаныя.

Пахаванне

Смерць не выклікала ў беларусаў вялікага жаху. Раней казалі: “Круці, не круці, а павінен памерці”.

Старыя людзі рыхтавалі сабе адзенне “на смерць”. Яно павінна было быць чыстым і новым. Абавязкова рыхтавалі белую кашулю.

Памінальныя дні адзначаліся на дзевяты, саракавы дзень і таксама ў год. Ёсць у беларусаў і ўсеагульныя дні памінання: Дзяды, Радаўніца. У гэтыя дні ўспаміналі сваіх памерлых продкаў, расказвалі пра іх жыццё. Увогуле, беларусы раней лічылі, што кожны чалавек павінен ведаць свой род да пятага ці сёмага калена. Мы, экскурсаводы і сябры музея, імкнёмся таксама як мага глыбей ведаць свой род. Сведчаннем таму з’яўляецца дадзены радавод.

Печ

Печ знаходзілася зправа або злева ад ўвахода. Каля печы быў качарэжнік, дзе быў састаўлены пячны інвентар. Гэта качарга, вілкі, лапата і інш. Унутры печ мела под, на якім палілі дровы і гатавалі страву. Закрывалася печ засланкай. Верхняя частка печы – ляжак – служыла месцам адпачынку, яшчэ там сушылі адзенне, зерне, ягады, травы.

Печ – гэта цеплыня, здароўе застуджанаму. Печ – гэта і гарачая, смачная ежа. Па народных павер’ях печ была ахоўніцай дабрабыту.

Ля сцяны ставілі куфар. Праз куфар праходзіла ўсё жыццё чалавечае. Там мы знойдзем і пялюшку першынца, і кашулі, і безрукаўкі, спадніцы, хусткі, дываны, паясы і ручнікі. Яны не падобныя адзін да аднаго. У кожнай мясцовасці свае колеры і ўзоры. Адметнасцю беларускага ручніка з’яўляецца геаметрычны арнамент. Пазней з’явіліся ручнікі, аздобленыя кветкамі. І яшчэ адно ўпрыгожванне – тканыя посцілкі.

Ільнаводства

Ільнаводства – адзін з распаўсюджаных заняткаў на Беларусі. Лён у даўнія часы апрацоўвалі ўручную. Каб аддзяліць семя ад ствала, білі невялікімі драўлянымі пранікамі. Затым ствалы льну расцілалі на лузе, потым сушылі, мялі на мялцы, трапалі. Потым ачышчалі драўляным грэбнем і шчоткай. Пасля атрымлівалася гатовае валакно. Гэта галоўная сыравіна для ткацкага промыслу. Пралі з дапамогай верацяна на прасніцы. Праз некаторы час на змену верацяну прыйшоў калаўрот. Я прапаную вам паспрабаваць спрасці льняную нітачку з дапамогай верацяна і прасніцы так, як гэта рабілі некалі нашы з вамі прапрабабулі.

Покуць

Покуць – чырвоны кут – найбольш шаноўнае месца ў хаце. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў. Покуць заўсёды размяшчалася па дыяганалі ад печы.

На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, жбан з малаком, пакрытыя ручніком.

Калі сям’я садзілася за стол, на покуці займаў месца гаспадар. Пасля яго па старшынству садзіліся іншыя члены сям’і.

Да столі падвешваўся павук – сімвал дабрабыту. Існавала павер’е: трэба стаць пад павуком і чакаць. Калі павук пачынаў круціцца, то ў гэтага чалавека добрыя думкі. Калі ж павук “заміраў”, то гэта азначала, што чалавек задумаў нешта нядобрае.

У зімовы час сялянская хата пераўтваралася ў майстэрню. У доўгія вечары тут рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і розныя ёмістасці, пралі, ткалі, шылі адзенне, вышывалі. Ля кутняй сцяны, бліжэй да парога, паміж “бабіным кутом” і покуццю, ставілі кросны для ткацтва. Пры націсканні на панажы, ніты разыходзяцца, утвараючы ў аснове зеў. У яго пракідваюць чаўнок з навітым на цэўку ўтком. Атрымліваецца палатно. З яго шылі адзенне, рабілі абрусы, ручнікі. Потым усё прыгожа вышывалі. Ніжэй вокнаў, амаль на ўсю даўжыню сцен, ставіліся лавы. На іх сядзелі, а ноччу маглі спаць. Лавы служылі ў беларусаў амаль 100 гадоў.

Бабін кут

Насупраць печы быў бабін кут. Тут рыхтавала есці гаспадыня. Звычайна вісела паліца. На ей стаяў гліняны посуд: збаны, спарышы, неабходныя рэчы ў гаспадарцы. Бо ў іх добра захоўвалася малако, смятана, тварог, топленае сала і іншае.

Тут жа была і маслабойка. У яе налівалі смятану і ўручную білі масла.

Сенцы

Сенцы - гэта халодны пакой, прыбудаваны да хаты, у якім гаспадары захоўвалі розныя рэчы : цэп, сякеру, серп, граблі, жорны, або ручны млын. На іх малолі муку і для сабе, і для жывелы. У ступе таўклі зерне. Яе рабілі з цвердага дрэва: дуба або граба.

На вуліцы знаходзіцца студня, або калодзеж. Не ў кожнай весцы жыў чалавек, які мог выкапаць студню. Спачатку трэба было знайсці жылу – падземную крыніцу, а потым капаць. Капаць умела і асцярожна, каб не засыпаць зямлёй. А людзям ёсць падказка: “ Капай калодзеж ў шчаўёвым месцы, - вада з’явіцца”.

Даўней рабілі студню з жураўлём. Калі гаспадар адыходзіў ад дома, журавель сваім рычагом – вагай, як крылом, махаў яму на развітанне. А калі вяртаўся дамоў, ён шчыра вітаў яго і запрашаў прагнаць смагу крынічнай вадой.

819