Музейна-педагагічны занятак "Паэзія народнага касцюма вёсак Лунінеччыны"

Народны касцюм Лунінеччыны - цудоўная спадчына нашага народа. Па-першае, трэба адзначыць, што ёсць адрозненні ў стылях адзення па розных рэгіёнах. На поўдні бытаваў традыцыйны касцюм, які вельмі нагадваў давыд- гарадоцкі-тураўскі стыль. Гэтая акалічнасць яшчэ раз падкрэслівае сувязі Лахвы, Кажан-Гарадка і іншых населеных пунктаў з Давыд-Гарадком. У астатніх вёсках моцна адчуваецца ўплыў так званага калінкавіцкага строю. У параўнанні са строямі Пінскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага раёнаў касцюм Лунінецкага раёна больш багаты і разнастайны па аздабленні. У той жа час яму ўласціва далікатная стрыманасць. У арнаменце тут пераважаюць геаметрычныя матывы, у прыватнасці ромб і яго часткі. Яны маюць выразны малюнак і кампануюцца ў традыцыйна палескія бардзюры з тонкіх палосак.

На поўдні раёна, у басейне р.Цна, жанчыны насілі вельмі прыгожы комплекс адзення, у які ўваходзіла паліковая сарочка з невялікім адкладным каўняром, ільняная белая, клятчастая або шарцяная аднакаляровая спадніца і фартух, пашыты з трох полак тонкага палатна і ўпрыгожаны шлякам з трох тканых або вышываных арнаментальных палос. Да сабранага ў дробныя зборкі верху суконнай спадніцы прышываўся ўзорыстатканы пояс, на якім і трымалася спадніца. Паверх спадніцьі або андарака жанчыны прыпіналі фартушок, а паверх кашулі надзявалі кароткую, даўжынёй да таліі, безрукаўку, якую тут называлі “шнуроўка”, або больш доўгую, з цэльнакроенымі полачкамі і спінкай, сшытай з чатырох частак, якія ад лініі таліі ўтваралі разрэзаную на чатыры кліны баску. Такі тып безрукаўкі называўся “горсэт". Шнуроўкі шылі з фабрычных аднакаляровых ці набіўных шаўковых або шарсцяных тканін і абшывалі стужкамі іншага колеру, звычайна чырвонымі.

Адметная асаблівасць вышываных фартушкоў в.Яжаўкі ў тым, што яны шыліся з трох вузкіх полак тонкага палатна, ніжняя частка якіх злучалася прошвамі. Ніз фартушка звычайна ўпрыгожваўся трыма арнаментальнымі бардзюрамі, якія размяжоўваліся вузкімі палоскамі фону або больш дробнага арнаменту. Ніжні бардзюр меў найбольшую шырыню, верхні быў зусім вузкім. Для аздаблення фартушкоў выкарарыстоўвалі як бранае ткацтва, так і вышыўку. Пры гэтым асноўныя арнаментальныя бардзюры вышываліся наборам ("процягам"), больш вузкія маглі вышывацца крыжыкам, лікавай гладдзю і інш.

Асаблівай увагі заслугоўвае галаўны ўбор з наміткай. Менавіта ён надаваў жаночаму касцюму характэрныя мясцовыя рысы. Наміткі паўднёвай часткі Лунінецкага раёна адрозніваліся невялікай шырынёй, якая ў сярэднім складала 30 см, і значнай, большай за тры з палавінай метра, даўжынёй. Канцы іх упрыгожвалі тканым або вышываным ромба-геаметрычным арнаментам і часам аблямоўвалі кароткімі махрамі. Завіваліся яны даволі складана. Дадаткова выкарыстоўваліся тканка, на якую навівалі валасы, чапец і “падвічка” - шырокі абручык з лубу, які служыў каркасам для завівання наміткі. Дэкаратыўныя канцы наміткі размяшчаліся асіметрычна вакол твару.

Акрамя галоўных убораў жаночыя касцюмы розных вёсак аднаго арэала мелі і іншьія адрозненні. Напрыклад, у в. Яжаўкі летам, асабліва у жніво, спадніц наогул не насілі. Замест іх на сарочку павязвалі па два фартухі - адзін спереду, а другі ззаду, што нагадвала архаічнае несшыўное паясное адзенне.

На поўначы Лунінецкага раёна, у весках Вялікія і Малыя Чучавічы, склалася своеасаблівая сістэма вышыванага рамбавічнага арнаменту, адметная сваім кампазіцыйным строем, графічнай выразнасцю матываў і бел-чырвона- блакітным каларытам. Аснову арнаментальных бардзюраў складалі буйныя ромбы. Унутраная прастора такога ромба запаўнялася больш складанымі рамбічнымі матывамі, геаметрычнымі разеткамі.

Асаблівая ўвага надавалася аздабленню сарочак. Самымі прыгожымі лічыліся “доўжныя” сарочкі, якія атрымалі сваю назву ад рукавоў, багата ўпрыгожаных падоўжанымі ўзорыстымі палосамі. У другіх варыянтах святочных сарочак асноўная арнаментальная нагрузка прыпадала на плечавую частку рукавоў і кампанізацыйна падтрымлівалася геаметрычным узорам на каунерыку і манжэтах. Аздабленне фартуха і наміткі звычайна складалася з аднаго шырокага бардзюра, арнаментальны змест якога быў падпарадкаваны дэкору сарочкі. Спадніцы былі ў вузкія падоўжаныя палоскі, у клетку і аднакаляровыя. Паверх сарочкі надзявалі "капот” - безрукаўку з яркай фабрычнай тканіны, пашытую шчыльна па таліі, часам з баскай, абранай у складкі ці ў зборкі. Капот абшывалі каляровымі тасемкамі. Вышыўка ў чучавіцкім рэгіёне можа размяшчацца не толькі па нізе спадніцы ці фартуха. Прыкладна такі ж малюнак і ў краснавольскім рэгіёне.

Чучавіцкі жаночы касцюм вылучаўся і галаўным уборам. Для надання яму патрэбнай формы тут выкарыстоўвалі тканку, якую накладалі на вяршок галавы. На яе накручвалі валасы, а паверх надзявалі маленькі чэпчык - "шапку”- з яркай крамкай, часам шаўковай тканіны. Тасемкі шапкі завязвалі пад падбародак. Намітку павязвалі без высокай падвічкі, таму форма галаўнога ўбору атрымлівалася іншай, чым у вёсках на поўдні раёна.

У Багданаўцы і Рэдзігераве адчуваецца ўплыў пінска-івацэвіцкага стылю. Тут у вышыўках больш распаўсюджаны раслінны арнамент (кветкі, галінкі дрэў, лісце і г.д.).

Асаблівасцю раёна з’яўляецца распаўсюджанне тканых паясоў, якія тут называюць акрайкамі.
З верхняга адзення распаўсюджана світа. Пакрой яе спрамлены, больш падобны на куртку. 3 такой світкі і ўзнікла сапраўдная куртка з чатырма кішэнямі. Такую куртку называюць футэрко ці хутэрко (мабыць, ад слова “футра”). З зімовага верхняга адзення, як мужчынскага, так і жаночага, наибольш распаўсюджаны кажухі. Меўся святочны кажушок, аўчына якога выраблялася больш старанна. Іншы раз жаночы кажушок аздабляўся вышыўкай.

У якасці абутку часцей за усё ужываліся лапці, якія інакш называюць пасталы. Зімой лапці рабілі крыху большымі. На дно іх засцілалася тоўстая саламяная ўсцілка. Нага абмотвалася сукнянкай у некалькі слаёў. Лапці мацавалі да ног пры дапамозе доўгіх, часцей за ўсё раменных, вяровак, абмотваючы па анучы - летняй палатнянай анучы ці сукнянцы - гэтыя вяроўкі амаль да калена. Заслугоўвае ўпамінанне і такі факт, што часам і пасталы пляліся са скураных палос. Такія пасталы служылі некалькі гадоў.

Фарміравалася беларуская народнаць - складваліся адначасова тыповыя кампаненты касцюма і спосабы яго нашэння, выпрацоўваліся ўстойлівыя асаблівасці дэкору, характар упрыгожанняў.

509